Дзень птэрадактыля

Не так даўно чалавецтва зрабіла вялікі крок да новага якаснага ўзроўню свайго існавання. Гэта звязана з развіццем інфармацыйных тэхналогій. Канешне, мы яшчэ толькі рухаемся да таго, каб камп’ютар займаў пачэснае месца ў чырвоным куту кожнае хаты, але не памылюся, калі выкажу здагадку, што ўжо недзе чвэрць насельніцтва краіны зазірае ў Інтэрнэт, мае электронную паштовую скрыню, праліствае старонкі сайтаў (вядома якіх пераважна)… Але новая эра пачалася не з камп’ютараў і Інтэрнэту. Новая эра пачалася з узнікненнем сайтаў накшталт (каб нікому не крыўдна было, пералічваю ў парадку алфавіту) “Аднакласнікі”, “ЛайвДжорнал”, “Укантакце” і г.д. Так, калі кожны звычайны чалавек можа завесці сабе старонку ў сусветнай павуціне, будаваць там сабе самому іканастас з фотаздымкаў, пісаць любыя геніяльнасці, што на розум прыйдуць, словам, самавыяўляцца, то прыйшоў час абвяшчаць новую эпоху. Лічыце, што я гэта ўжо зрабіў. Эпоха ўсеагульнага эгацэнтрызму надыйшла. Мы, нібы тыя птэрадактылі ў зграі: на невялікай пляме зямлі кожны з нас захоплівае нейкую прастору, пстрыкае дзюбай, каб набыць больш выгодны статус і прывабіць асобіну другога полу, і суседзі цікавяць нас толькі як супернікі ці аб’екты гастранамічнага характару. Таму гэты дзень прапаноўваю святкаваць і занесці ў каляндар як Дзень Птэрадактыля. Не, я зусім не стары бурчун, насупраць, я сам зарэгістраваны адразу на некалькіх такіх сайтах, але... ведаеце, неспакойна.

Калісьці пачуў цікавую думку, што сайт “Аднакласнікі” – гэта выдатны шанец для тых, хто не паспеў стаць палюбоўнікамі падчас вучобы ў школе. Так гэта, ці не, а сапраўды аднакласнікі – гэта ў нейкім сэнсе каста. Нічога дзіўнага: добрую частку жыцця – дзяцінства – усе мы шчыльна жылі ў невялікай групе людзей і станавіліся амаль роднымі. Гэта моцнае адзінства, якое цяжка зламаць. І ці дзіўна, што нават праз дзесяткі гадоў аднакласнікі сустракаюцца і з гэтых сустрэч што-небудзь атрымоўваецца. Напрыклад, дзеці.

Вось прыкладна пра гэта быў апошні спектакль гастроляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа “Аднакласнікі, альбо з Днём Птэрадактыля”. Самае цікавае, што п’еса, па якой ставіўся спектакль, немаладая. Яна была напісана Юрыем Куліком гадоў дваццаць таму, калі алюзіі на папулярны сёння сайт былі некарэктнымі, паколькі сайта ў праэкце нават не было. Але надзвычай надзённа гучыць гэтая тэма, таму нядзіўна, что сучасны тэатр звярнуўся да такога твора. І ўсё роўна, што ў ім пра сайты не ўзгадваецца. Хіба справа ў сайтах?..

Наогул магілёўскай публіцы пашанцавала. Мы ўбачылі апошнюю прэм’еру віцебскага тэатра аднымі з першых. Спектакль нарадзіўся ў ліпені, яшчэ адзін раз у новым сезоне іграўся на роднай сцэне, а ў Магілёве адбыліся літаральна трэці і чацвёрты паказы. Было крыху заўважна, што “Аднакласнікі” яшчэ свежыя, але гэта не псавала ўражанне. Наадварот, па зале адчувалася, як гледачу перадаецца акцёрскі ўздым. Але колькі слоў пра сюжэт.

Гэтая гісторыя, злізаная з анекдотаў, пра тое, як нечакана вяртаецца дадому муж Павел Сяргеевіч (Генадзь Гайдук) і застае жонку Таццяну Віктараўну (Святлана Жукоўская) з верагодным палюбоўнікам Ігарам Мікалаевічам (Георгій Лойка). Чуе іх гаворку аб тым, што калі неўзабаве вернецца муж, трэба будзе разыгрываць аднакласнікаў, каб легалізаваць знаходжанне чужога мужчыны ў кватэры. Але ён не адразу кідаецца помсціць, а дастаткова творча падыходзіць да становішча: імітуе вісельніка на вялізных рогах у дзвярным праёме ўласнае кватэры. Ледзь не даводзіць гэткім учынкам абодвух галубкоў да інфаркту, а калі яны ўсё ж такі яго здымаюць, бярэ ў рукі стрэльбу і пачынае дазнанне, паралельна папіваючы гарэлку з “палюбоўнікам” жонкі. Раптам высвятляецца, што “палюбоўнік” Ігар сапраўды аднакласнік, толькі не жонкі, а самога Паўла. Дахі герояў (таксама як і гледачоў) пачынаюць пакрысе з’яджаць, да таго ж нямалым каталізатарам дзеяння становіцца стрэльба ў руках гаспадара. А тут яшчэ жонка званіць да нейкага другога палюбоўніка і просіць яго забраць яе. Хутка з’яўляецца нейкі Вася (Максім Фралоў), якога Павел і Ігар пачынаюць “калоць” ужо ўдвух… Канешне, прагучыць стрэл. Але калі запаліцца святло, на месцы Васі апынецца Ірына Васільеўна (Наталля Аладка) – і прыйдзе ўжо час самому Паўлу даказваць, что гэта таксама аднакласніца…

Неверагодныя павароты сюжэту, я лічу, робяць гэтую п’есу адной з цікавейшых камедыяў становішчаў у сучаснай беларускай драматургіі. Калі я неправы, паспрабуйце даказаць адваротнае. Магчыма, гэта толькі маё ўражанне, але я сапраўды атрымаў вялікае задавальненне ад прагляду спектакля і, спадзяюся, у гэтым не адзінокі. Тут ёсць што іграць – акцёры відавочна гэта разумеюць і робяць сваю справу з задавальненнем. Твор прасякнуты тонкім гумарам – гледачу ёсць з чаго ад душы пасмяяцца, ставячы сябе на месцы персанажаў. Канешне, віцебскі тэатр выйграў ад таго, што паставіў спектакль сам аўтар п’есы, які добра ведаў, як павінны паводзіць сябе ягоныя героі. А сцэнаграфія Пятра Анашчанкі і нейкая ўнутраная рэчаіснасць спектакля ствараюць адчуванне, што гісторыя адбываецца проста сёння. І калі не з намі самімі, то, як мінімум, у суседняй кватэры… Чым скончылася дзеянне? Скажу толькі, што скончылася добра, хоць і не без цяжкасцяў. Але больш за ўсё прыемна, што героі перажылі Дзень Птэрадактыля, не страціўшы чалавечае годнасці. Ці атрымаецца ў нас з вамі? Пра гэтае не ведае
Ваш Т.В.

P.S. І ўсё ж такі колькі слоў пра гастролі коласаўскага тэатра наогул. У мяне адчуванне, што скончылася свята, пакінуўшы ў душы адценне радасці і лёгкага суму. Суму ад таго, што ўсё сканчаецца. Я пакуль не ведаю, як прайшлі гастролі роднага Магілёўскага тэатра на віцебскай сцэне, але хутка пазнаем. Дзякуй Богу, трэцяга кастрычніка пачнецца уласна сто дваццаты юбілейны тэатральны сезон у Магілёве. Чакаю таго з нецярплівасцю і раю ўсім стаць сведкамі і ўдзельнікамі яго… А з віцебскім тэатрам мы яшчэ сустрэнемся, будзьце ўпэўнены. Дзякуй Вам за ўвагу,
Ваш Т.В.

Оригинал статьи

Могилевский городской информациооно-справочный портал MyCity.by, 2.10.2008