Гэтага нашага земляка ведала і паважала некалькі пакаленняў аматараў тэатральнага мастацтва Магілёва, вобласці ды і ўсёй Беларусі. Паважаюць і памятаюць і сёння. У чым можна было пераканацца на вечарыне ў гонар В.І. Ермаловіча, якая прайшла ў Палацы культуры Магілёўскай вобласці.
Валянцін Іванавіч Ермаловіч (1925-2004) усяго тры месяцы не дажыў да свайго 80-годдзя. Большую частку жыцця ён, ураджэнец Міншчыны, былы франтавік, правёў у Магілёве, пачаўшы з «ролі» артыста абласнога драматычнага тэатра ў далёкім ужо 1954 годзе.
Але толькі гэтай ролі яму, натхнёнаму, энергічнаму і шчыра апантанаму беларусу, не хапала. За амаль палову стагоддзя творчай дзейнасці ён выканаў дзесяткі тэатральных роляў, паставіў як рэжысёр дзесяткі спектакляў у аматарскіх тэатральных калектывах і культасветвучылішчы, дзе выкладаў 29 год, падрыхтаваў і выхаваў шмат таленавітых акцёраў і рэжысёраў.
Асабліва вылучала Валянціна Іванавіча яго нязбыўная любоў і прыхільнасць да роднай беларускай мовы, роднага прыгожага слова, роднай беларускай драматургіі. У часы «развітага сацыялізму», калі літаральна ўсе сферы жыцця былі гранічна русіфікаваны, а простыя людзі размаўлялі на «трасянцы», ён, сапраўдны сын сваёй зямлі, на сваёй зямлі размаўляў толькі па-беларуску. Ставіў беларускія п’есы і толькі на беларускай мове. За што іншы раз яго называлі дзіваком.
Нагадаем: такім жа «дзіваком», толькі ў іншай сферы, быў яго брат - выдатны гісторык Мікола Іванавіч Ермаловіч, які, нягледзячы на слабы зрок, адолеў такія даследаванні па гісторыі старажытнай Беларусі, што зрабілі б гонар і цэлым акадэмічным інстытутам. Да таго ж быў неблагім літаратуразнаўцам, пісаў таленавітыя вершы.
Менавіта яго верш «Жыве Беларусь» стаў асновай новай песні. Музыку напісаў вядомы наш паэт і кампазітар Мікола Яцкоў і сам праспяваў прэм’ерны твор на вечары памяці Валянціна Ермаловіча.
Больш за дзве гадзіны гучалі ў той вечар вершы, гумарэскі, музыка, шчырыя ўспаміны пра выдатнага акцёра, чытальніка, тэатральнага дзеяча, педагога, чалавека.
Успамінамі падзяліліся адзін з заснавальнікаў магілёўскай арганізацыі таварыства «Марціралог» (В. Ермаловіч быў яе першым старшынёй) Міхась Булавацкі, былая выкладчыца культасветвучылішча Лілія Кузьменка, выпускнік 1957 года акцёр і рэжысёр Браніслаў Чаркоўскі, драматург і журналіст Міхась Карпечанка з Бялыніч, былы супрацоўнік абласнога бюро прапаганды беларускай літаратуры Віктар Арцем’еў.
Шчырымі словамі ўспаміналі настаўніка самадзейныя акцёры Валянціна Далькова (зараз выступае ў яўрэйскім мясцовым тэатры), кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін, Тамара Цыганкова, былы дырэктар Магілёўскага ГДК Лідзія Сахон (таго ГДК, дзе шмат год дзейнічаў тэатр В. Ермаловіча «Валянцін»), выкладчыца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Ганна Бандарэнка. Іграў ансамбль класічнай гітары асветніцка-культурнага цэнтра «Эверест», а класічную народную «Рэчаньку» праспявала салістка гарадской капэлы Аксана Юрчанка.
З асаблівай увагай слухалі прысутныя аповед унука В. Ермаловіча Вячаслава, паэта, рэжысёра, менэджара канцэртаў і фестываляў, які спецыяльна прыехаў для гэтага з Мінска.
З экрана у час паказаў урыўкаў святкавання 80-годдзя В. Ермаловіча (праводзілася пасля яго смерці) прароцтвам прагучалі словы акадэміка Радзіма Гарэцкага: «Гэта (юбілей. - М.Н.) свята ўсёй Беларусі... Імя Валянціна Ермаловіча стане ў рад выдатнейшых сыноў Магілёўшчыны, Беларусі. Ён варты помніка, варты, каб яго імем былі названы вуліцы».
Магчыма, помнік адразу «не пацягнуць». Але бясспрэчна варта ўстанавіць напачатку мемарыяльную дошку на т. зв. доме акцёраў (Першамайская, 46), дзе з 1954 г. і да апошніх дзён жыў заслужаны дзеяч культуры БССР Валянцін Ермаловіч.
Была выказана таксама слушная думка аб стварэнні кнігі пра жыццё і творчасць В.І. Ермаловіча. Той, што не паспеў напісаць ён сам. Хаця ўжо накідваў успаміны, частку з якіх паспелі апублікаваць у свой час «Магілёўскія ведамасці».
Нямала трэба зрабіць для захавання добрай памяці пра выдатнага земляка і, у першую чаргу, правесці яшчэ шэраг прысвечаных яму вечарын для моладзі ў навучальных установах горада. А вечарыну, пра якую ішла размова ў гэтых нататках, падрыхтавалі гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы на чале з яе кіраўніком Алегам Дз’ячковым, які і вёў яе, і рэжысёр Ала Кускова.
Валянцін Ермаловіч: акцёр, рэжысёр, педагог (Николай Ножников, Вестник Могилёва, ноябрь 2010)

