Пытанне, якое ўзнікае яшчэ да таго, як заходзіш у глядацкую залю: што робіць "Пiнская шляхта" на моладзевым тэатральным форуме? Якія хады выкарыстаў рэжысёр, каб актуалізаваць праграмны твор - для моладзі (і не толькі для яе) і не даць яму пераўтварыцца ў рэпертуарны спектакль, прымеркаваны да юбілею пісьменніка?
Жанр "фарс-вадэвіль" быў вызначаны для п'есы самім Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам, але ў аўтара "Пiнская шляхта", найхутчэй, мела рысы сацыяльна-бытавой камедыі.
Д.Марцінкевіч, у першую чаргу, уздымаў і адлюстроўваў праблемы, што хвалявалі яго і ягоных сучаснікаў, - камедыйнымі сродкамі, якія месцамі сягаюць да фарсу. Мікалай Пінігін жа напоўніцу выкарыстаў жанравае азначэнне. Праблемы, у актуальнасць якіх адмаўляецца верыць ужо не першае пакаленне школьнікаў, адыходзяць на другі план, а дзе і ўвогуле губляюцца ў няспыннай плыні жартаў грымасаў паставаў актораў.
Узяць, да прыкладу, вобраз прыстава Кручкова, у якім Дунін-Марцінкевіч увасобіў сквапнасць і рабаўніцкую натуру сучаснай яму судовай сістэмы. Герой цудоўнага Віктара Манаева не выглядае на тыповага прадстаўніка прафесіі. Гэта цэльны вобраз, самадастаткова смешны, назіраючы за якім падчас спектаклю, забываешся пра ягоную функцыю "высмейвання кручкатворцаў" першасную для версіі драматурга. Кручкоў не проста імкнецца абрабаваць недарэкаў-шляхціцаў ды ўзвысіцца над імі, ён "жыве ў вобразе", атрымліваючы насалоду ад гэтага жыцця.
Такім чынам, можна было б звесці на "хіханькі" ўвесь твор, але Пінігін раптам актуалізуе іншую праблему - паступовае выраджэнне нацыянальнай шляхты, прычым робіць гэта ў такой сур'ёзна-трагічнай форме, што даводзіцца чуць меркаванні пра "спектакль у спектаклі". Гэта не зусім дакладна: апошнія сцэны нежартоўнай шляхецкай бойкі, а потым уздыманне харугваў з радавымі гербамі лагічна ўвязваюцца з усім спектаклем, але пра гэта крыху пазней.
Дунін-Марцінкевіч у п'есе "Пiнская шляхта" адлюстраваў момантавы зрэз, стан шляхецтва на беларускіх землях, які адпавядаў ягонаму часу - сярэдзіне 19 стагоддзя. У Пінігіна гэта чарговы этап развітання з родавым гонарам, які перагукаецца як з мінуўшчынай, так і з сучаснасцю.
Нескладана адшукаць у беларускай літаратуры першы этап, калі ўзгадаць "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча. Пачатак семнаццатага стагоддзя - шляхцічы, баючыся ў якасці пакарання за бунтарства згубіць шляхецкае званне і адпаведную маёмасць, забіваюць сапраўднага носьбіта шляхецкага гонару, змагара за незалежнасць - караля Стаха - і застаюцца сам-насам з уласнай дробязнасцю ды крывадушшам. Пра тое, што зрэз Пінігіна не статычны, і рэжысёр імкнецца адлюстраваць менавіта працэс далейшага разбурэння шляхецтва, можна меркаваць па вопратцы герояў. Гэта якраз той момант, які звязвае фарс-вадэвіль з сур'ёзна-трагічнай канцоўкай. Вось жа - элементы хаця і зарумзанага, але адзення "вярхоў" спалучаюцца з простанароднымі ўстаўкамі. Адны прадстаўнікі шляхты яшчэ абутыя ў прыдатныя для іх звання боты, іншыя - ужо ў сялянскія лапці, а ў Цюхай-Ліпскага-старэйшага ўвогуле на адной назе лапаць, на другой - пантофля. Хіба так шляхецкасць беларусаў перацякала ў сённяшнюю "сялянска-лапатную" сутнасць? Хаця паміж рэаліямі пастаноўкі марцінкевічаўскай п'есы і сучаснасцю своеасаблівым звяном малююцца "Тутэйшыя" ў пастаноўцы ўсё таго ж Пінігіна. Але гэта ўжо крыху іншая гісторыя...
Падчас бойкі "пінская шляхта" пазбаўляецца рэшткаў шляхецкага адзення, маёмасць іхнюю вывозіць прадстаўнік "найяснейшай кароны" (чытай - незалежнасць калісьці аддалі задарма), але імкненне да захавання ўласнага родавага, гістарычнага гонару ў іх усё яшчэ застаецца. Няхай іхні гонар па-д'ябальску смешны, няхай змаганне за яго можна азначыць толькі ў форме фарсу, але ён ёсць!
"А за што сёння б'яцёся вы? - нібы пытаецца апошнімі сцэнамі рэжысёр. - За што праліваеце кроў братоў сваіх? Хіба за маёмасць..."
Такім чынам, твор выразнага фарсавага характару, які можа доўгія гады паспяхова існаваць у рэпертуары і смяшыць публіку за кошт гратэскных карыкатурных вобразаў, ігры актораў, набліжаных да сучаснасці рэплікаў ды жартаў раптам актуалізуецца - тут і цяпер - праз зварот да кожнага канкрэтнага гледача ў залі. Жыццё - не фарс-вадэвіль з класічным сюжэтам, і цяперашні маладзён мае час і мажлівасць адказаць на пытанне рэжысёра ў рэальнасці. Ад сённяшняга адказу гледача шмат у чым залежыць тое, як будзе інтэрпрэтавацца "Пінская шляхта" ў далейшым.
Хочешь поделиться своими впечатлениями от форума M@rt.kontakt-2010? Жми!
Фото Евгении Алефиренко
Aх ты! Шляхты! (Ирина Борисевич, Ежедневный молодежный Вестник M@rt.KOHTaKTa)

