Навошта патрэбны тэатральныя фестывалi? Разважаць на гэтую тэму можна колькі заўгодна доўга, прыводзячы шматлікія аргументы на карысць тэатральных стасункаў. Але сапраўдныя матывы нашмат ярчэй відаць, калі аналізуеш вынікі канкрэтнага творчага форуму: толькі той плён, які застаецца, дае нам права казаць пра звышзадачы таго ці іншага фестывалю.
Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт” у Магілёве прайшоў сёлета пяты раз. За час свайго існавання ён паспеў займець імідж аднаго з самых цікавых тэатральных фестываляў у краіне, які мае высокі ўзровень арганізацыі, конкурснай праграмы, унутрыфестывальных мерапрыемстваў і — глядацкага інтарэсу да яго. Апошняе — вельмі важны фактар у фарміраванні іміджа не толькі “М.@rt.кантакту”, але і яго галоўнага арганізатара — Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра: прыемна год ад года назіраць у фестывальнай зале знаёмыя твары гледачоў, што паспелі стаць “сваімі” не толькi ў рамках форуму, але, хочацца думаць, i ў штодзённым жыццi тэатра.
Пасля леташняга эксперыменту арганізатары вырашылі адрадзіць у рамках фестывалю конкурсную праграму спектакляў. Матывіроўка гэтага рашэння простая: адной з задач “М.@rt.кантакту” з’яўляецца стымуляванне маладых людзей да больш актыўнага ўключэння ў сучасныя тэатральныя працэсы. Апошняе, у сваю чаргу, прадугледжвае неабходнасць выпрацоўкі ўнутраных крытэрыяў для ацэнкі мастацкіх твораў, пошукі своеасаблівай “шкалы каштоўнасцей”, паводле якой яны будуць ацэньваць тэатральныя пастаноўкі. Нездарма поруч з прафесійным журы ў фінале форуму свае “рэспекты”, што, па сутнасці, з’яўляюцца ганаровымі “прызамі глядацкіх сімпатый”, раздае і ініцыятыўная маладзёжная група “М.@rt.кантакту”.
"Прарасціць" спектакль
Парушаючы паслядоўнасць фестывальнай афішы, хачу пачаць з творчасці гаспадароў форуму - спектакля "Тарэлкін" у рэжысуры Саулюса Варнаса. Ён стаўся яркім узорам таго прафесійнага і творчага плёну, які прынёс "М.@rt.кантакт" магілёўскаму тэатру.
Беларускія тэатры даўно "заглядаюцца" на літоўскіх рэжысёраў са сваёй адметнай школай, раз-пораз запрашаючы іх на пастаноўкі. Аднак у большасці выпадкаў эксперыменты гэтыя заканчваюцца нічым: рэжысёрская канструкцыя спектакля існуе нібыта асобна ад акцёраў. Дырэктар магілёўскага тэатра Андрэй Новікаў, які з'яўляецца і дырэктарам форуму, вырашыў пайсці больш доўгім шляхам, але так, каб хібаў на ім удалося пазбегнуць. Летась ён запрасіў у рамках "М.@rt.кантакту" знанага літоўскага рэжысёра Саулюса Варнаса, што ў розныя часы працаваў у Панявежскім тэатры драмы імя Ю.Мільцініса, Шауляйскім тэатры драмы, Рускім тэатры драмы ў Вільнюсе, і той правёў для магілёўскіх акцёраў майстар-класы. Акрамя прафесійных стасункаў, заняткі стварылі глебу для таго, каб рэжысёр і акцёры пазнаёміліся больш блізка, зразумеўшы творчую прыроду і тэатральныя прыхільнасці адно аднаго. І знаёмства натуральным чынам перарасло ў творчае супрацоўніцтва, што сталася не "шлюбам па разліку", а сапраўднай сумеснай творчасцю, высокі ўзор якой магіляўчане і прадэманстравалі пад час форуму.
Для тэатра "Тарэлкін" стаўся яскравым вопытам працы з іншай тэатральнай прыродай - чыстай і насычана-метафарычнай, якой заўсёды славілася літоўская тэатральная школа. Сцэнаграфія Марюса Някрошуса дала для гэтага усе падставы, ствараючы на сцэне пазачасавую прастору для дзеі, апісанай Сухава-Кабыліным. Ды i рэжысура Саулюса Варнаса ў гэтым антуражы выглядала , з аднаго боку, падкрэслена не высакапарнай, простай, нават хрэстаматыйнай ў выкладаннi тэксту. Але, з iншага боку рэжысёр дазволiў акцёрам заглыбiцца ў сцэнiчнае «хулiганства», на поўную моц выкарыстоўваючы тэатральныя трукi. I гэткае спалучэнне лёгкасцi тэатральнага аповеду i гульнёвых iнтанацый парадаксальным чынам узмацняее жахлiвасць гучання гiсторыi «жывога трупа» Тарэлкiна, падкрэслiваючы яе сучаснасць i актуальнасць.
Акрамя таго «Тарэлкiн» стаўся парадам блiскучых акцёрскiх работ: многiя з улюбёнцаў магiлёўскай публiкi паўсталi ў гэтым спектаклi ў новых iпастасях. Малады акцёр тэатра Мiкалай Раманоўскi, якi сыграў у спектаклi галоўную ролю, стварыў вобраз цынiчнага i беспрынцыпнага аферыста, што не спыняецца нi перад чым, бо не мае за душой мiрскiх пачуццяў, акрамя аднаго: прагi грашовай нажывы. Акцёр прадэманстраваў нам не толькі самыя непрыглядныя бакі такога персанажа, як Тарэлкін, але, разам з тым, - і новы ўзровень уласнага прафесійнага існавання на сцэне, якое не можа не радаваць. Уладзімір Пятровіч у абліччы "партнёра"-суперніка Варравіна - злавесны функцыянер, якога і сапраўды, у адрозненне ад Тарэлкіна, можна западозрыць ў "вупырызме". Нават калі хвалюецца, ён, здаецца, не робіць ніводнага "лішняга" руху і ні на хвіліну не выпускае сітуацыю з-пад кантролю. А сівізна ў валасах - гэта "паслужны спіс" яго зладзействаў. Але сапраўдным "цвіком" спектакля стаўся Расплюеў у выкананні Васіля Галеца. Невысокі чалавечак у велізарнай фуражцы, ён здзіўляе няўрымслівай рухавасцю і жаданнем быць ва ўсім першым. Акцёр будуе ролю як ланцужок камедыйна-гэгавых сітуацый і становіцца, бадай, самым абаяльным і самым "станоўчым" персанажам ва ўсім спектаклі: тытанічныя намаганні маленькага чалавека "сацыяльна падрасці" не застаюцца незаўважанымі гледачамі. Нездарма пад час абмеркаванняў крытыкі адзначалі філігранную камедыйнасць і "французскую" прыроду яго акцёрскай ігры.
Як расшыфраваць: ТЮГ?
Уладальнік Гран-пры форуму - Дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі "Свабодная прастора" з расійскага Арла на "М.@rt.кантакце" не ўпершыню. Як не ўпершыню ён становіцца тут уладальнікам галоўнага прыза. Гэтым разам арлаўчане прывезлі спектакль "Белае на чорным" па прозе Рубэна Давіда Гансалеса Гальега ў пастаноўцы Генадзя Трасцянецкага: гэта сцэнічная споведзь хворага на цэрэбральны параліч хлопца, які на нашых вачах праходзіць усе "кругі пекла" інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў брэжнеўскай эпохі і пры гэтым не страчвае чалавечага аблічча, захоўвае чысціню ўласнай душы. Ён даводзіць нам: інваліднасць - паняцце зусім не фізічнае, і прырода яго - маральная.
Пад час традыцыйнага абмеркавання спектакля не ўстрымалася і задала пытанне, якое "вісела ў паветры" яшчэ з часоў мінулага "М.@rt.кантакту": чаму ў апошнія гады маладыя людзі ў тэатры, якія выраслі ўжо не ў савецкай краіне, жадаюць адшукаць нешта ў эпосе, што з'яўляецца для іх, па сутнасці, чужой? Шчырасць адказаў, якія адзін за адным памкнуліся з вуснаў і сэрцаў акцёраў, занятых у спектаклі, не давалі падстаў усумніцца ў іх праўдзівасці. Яны казалі пра тое, што спроба пранікнуць у тую эпоху - шлях да збліжэння з уласнымі бацькамі, для якіх 1970-я - 1980-я гады былі перыядам іх маральнага фарміравання: праца над персанажамі Гальега дала ім магчымасць размежаваць уласна асобу сваіх бацькоў ад таго "клішэ", што навязвалася ім савецкай машынай. Казалі пра тое, што і сёння, не зважаючы на ХХІ стагоддзе, у падобных установах мала што змянілася, - маладыя акцёры не аднойчы наведвалі такія інтэрнаты (а іх у Арлоўскай вобласці сем), пры чым не проста "дзеля экскурсіі" або знаёмства з іх жыццём знутры, а - у якасці валанцёраў, працуючы і жывучы разам з фізічна хворымі дзецьмі. І яшчэ: прэм'ера пастаноўкі адбылася ў кастрычніку мінулага года, але, нягледзячы на сваю "маладосць", яна так ускалыхнула грамадскасць, што дзякуючы ёй узнік аднайменны з назвай спектакля дабрачынны фонд, які займаецца зборам сродкаў і дапамогай хворым дзецям у спецінтэрнатах.
Міжволі задумалася аб тым, што мы дзякуючы форуму сутыкнуліся з тым высокім паняццем тэатра, дзе функцыя выхавання існуе не дэкларатыўна, а на відавоку, у самым што ні ёсць рэальным выглядзе. І датычыць яна ў аднолькавай ступені і гледачоў, што прыходзяць на спектаклі, і саміх маладых акцёраў, якія становяцца прафесіяналамі менавіта на гэтых спектаклях - узорах пранізлівага гуманізму. Пры тым, што "Белае на чорным" з'яўляецца пастаноўкай, народжанай у... тэатры юнага гледача - ТЮГу (новая назва - "Свабодная прастора" - з'явілася ў арлаўчан толькі ў 1990 г.), да якога многія з нас па не зразумелых прычынах ставяцца пагардліва і паблажліва: маўляў, гэта дзіцячы, "не сапраўдны" тэатр. Вельмі хацелася б, каб новае кіраўніцтва нашага, беларускага, ТЮГу звярнула ўвагу на мадэль рэпертуарнай палітыкі для падрастаючага пакалення. Бо арлаўчане паказалі: не трэба пазбягаць размоў з дзецьмі і моладдзю на сучасныя, балючыя тэмы, "хаваючыся" за казкі і легенды.
Жыццё чалавечага духу
Не аднойчы ў час фестывальных абмеркаванняў гучала слова "апакаліпсіс": маўляў, усе мы сёння жывём у жудасную эпоху зніштажэння маральна-этычных каштоўнасцей, пра што распавядаў кожны другі спектакль "М.@rt.кантакту". Ды толькі ў мяне пасля прагляду ўсёй фестывальнай афішы склалася абсалютна супрацьлеглае ўражанне: тая настойлівасць, з якой на форуме са сцэны на розныя галасы прамаўлялі аб гэтым персанажы спектакляў, дае падставы меркаваць: маладое пакаленне людзей з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Літвы ў асобах тэатральных творцаў не спяшаецца збочыць на гэты шлях, усімі сіламі супраціўляючыся псіхалагічнай дэградацыі асобы.
Зразумець прыроду чалавека, наблізіцца да адчування тых сіл, якія здольны пераламіць негатыўныя моманты яго існасці, - гэта сталася своеасаблівым лейтматывам значнай часткі фестывальных спектакляў. Пра гэта так ці інакш распавядалі пастаноўкі пермскага тэатра "Ля моста" - "Сіратлівы Захад" і "Прыгажуня з Лінэна" па п'есах ірландскага драматурга Марціна МакДонаха. Праз падкрэслена гіпертрафіраваную жорсткасць і, адначасова, зніжэнне балявога бар'еру персанажаў у "Сіратлівым Захадзе" рэжысёр Сяргей Фядотаў даводзіць глядзельную залу ва ўспрыняцці герояў ад іранічнага гратэску да амаль агрэсіўнага адчування іх адарвання, жадання раз і назаўсёды пазбавіць свет ад такіх істот.
Кішынёўскі Дзяржаўны маладзёжны драматычны тэатр "З вуліцы Руж" у сваім спектаклі "Падам...Падам..." спрабуе разгадаць прыроду магутнай жыццёвай энергетыкі Эдзіт Піяф. У выкананні бліскучай і тонкай актрысы Вольгі Софрыкавай яе гераіня чэрпае сілы і натхненне ў творчасці. А яшчэ - у магутнай, амаль паталагічнай, любові да жыцця, не зважаючы на ўсе тыя нягоды, якімі была багатая біяграфія гэтай знакамітай і знакавай асобы.
Своеасаблівым мужчынскім "антыподам" Піяф, жыццёвая прырода якога таксама ўяўляе з сябе тэму для тонкага філасофскага даследавання, стаўся Венічка ў выкананні Алега Шапкова ў спектаклі "М.-П." паводле паэмы В.Ерафеева "Масква - Петушкі" Тэатра адначасовай ігры "Zooпарк". Сцэнічная гісторыя, што распачынаецца аналізам "рускага п'янства", вельмі хутка перамяшчаецца ў іншыя сферы, прапануючы нам заглыбіцца і паразважаць аб душы Венічкі як, ні многа ні мала, - архетыпа сучаснага "постсавецкага" чалавека.
Сюды ж у пэўным сэнсе можна аднесці і "Чайку" Дзяржаўнага Малога драматычнага тэатра з Вільнюса ў рэжысуры Рымаса Тумінаса. Бо для мяне гэтая пастаноўка, што, дарэчы, была ажыццёўлена са студэнтамі ў якасці дыпломнага спектакля і потым перабралася на прафесійную сцэну, сталася пранізлівай дэманстрацыяй людскіх амбіцый у прасторы, дзе "ўвесь свет - тэатр". У прачытанні маладых літоўскіх акцёраў літаральна кожны чэхаўскі персанаж так ці інакш імкнецца заваяваць сабе калі не галоўную, то хаця б заўважную ролю ў п'есе пад назвай "жыццё". І - трагічна пакутуе ад таго, што па законах жанру ў ёй могуць быць толькі адна "прыма" і адзін "прэм'ер", астатнім жа дастаюцца персанажы другога плана ды ролі рэзанёраў...
Бацькі і дзеці: хто каму?
Ужо своеасаблівай традыцыяй стала тэма пазіцыянавання на форуме маладых тэатральных дзеячаў і мэтраў як цалкам розных пакаленняў, што жывуць і развіваюцца па сваіх уласных законах. У мінулыя гады гэта вылівалася ў куслівыя палемічныя абмеркаванні спектакляў і іх крытычных разбораў маладымі аматарамі тэатра на старонках фестывальнай газеты. Гэтым разам маладыя журналісты ў большай ступені сканцэнтраваліся на аналізе ўласных уражанняў ад спектакляў ды на інтэрв'ю з удзельнікамі і гасцямі фестывалю. Гэта, канешне ж, дало магчымасць больш рознабакова ахапіць тое, што адбывалася цягам тыдня ў сценах Магілёўскага тэатра (хоць такая пераарыентацыя ў пэўнай ступені зменшыла тонус супраціўлення з боку старэйшых прадстаўнікоў крытычнага цэха).
Аднак як жа на маладзёжным форуме без тэатральнай правакацыі? Такім "вірусам" стаў сёлета Яўген Карняг са сваім новым праектам "Cafe "Паглынанне". Улюбёнец "М.@ rt.кантакту", ён ужо не першы раз наведвае форум і, можна сказаць, вырас як творца на працягу пяці гадоў яго існавання, пачынаючы ад свайго студэнцкага спектакля "Дзень нараджэння" і "Не танцаў". Сказаць, што кожнае з'яўленне Яўгена Карняга ў праграме магілёўскага форуму і гледачы, і крытыкі чакаюць - значыць не сказаць анічога. Ён - адзін з нямногіх маладых тэатральных рэжысёраў, які, здаецца, цалкам пазбаўлены творчага інфантылізму і не быў заўважаны ў размовах аб неабходнасці падтрымкі маладых творцаў, бо ім, маўляў, не даюць дарогі старэйшыя калегі. У Карняга ёсць сваё бачанне тэатра, і ён не імкнецца ўпісаць яго ў якія-кольвек існуючыя шаблоны, а проста ўвасабляе ўласныя праекты ў жыццё. І мае для гэтага групу маладых акцёраў-аднадумцаў, што, паспяхова працуючы ў вядучых тэатрах Мінска, атрымліваюць відавочную творчую асалоду ад рэалізацыі "іншага" тэатра.
Сваё "Cafe "Паглынанне" рэжысёр падкрэслена называе не спектаклем, а - праектам, настойваючы на тым, што тэатральныя законы ў гэтай структуры не дзейнічаюць. Усё разгортваецца ў прасторы начнога клуба (у Магілёве такой пляцоўкай стала адна з падобных устаноў горада, якая з моманту заснавання форуму з'яўляецца яго актыўнай прыхільніцай і памочніцай). Перад намі праходзіць "парад" "клабераў", кожны з якіх - бы ўвасабленне "клубнага загану" (ці - сацыяльнага стэрэатыпу нашых дзён), запакаванага ў прыгожа апранутае, прывабнае дзявочае цела. І цягам дзеі ўсе гэтыя "веды пра жыццё" пачынаюць разрываць сваю абалонку, выліваючыся на нас праз словы, паводзіны, істэрычныя зрывы-прыпадкі гераінь, каб у фінале прадэманстраваць карціну цалкавітага, амаль біялагічнага "распаду" чалавечай асобы як рэчы, што становіцца нібыта не патрэбнай у сённяшнім жыцці...
Іранічна і жорстка прэпарыруючы эстэтыку і культ гламуру - а да тэмы гэтай беларускія тэатры не звярталіся ніколі - рэжысёр даволі безапеляцыйна і нават агрэсіўна з галавой акунае ў яе і акцёраў, і непасрэдна "клубную публіку", якую то ўмоўна можна назваць гледачамі. Бо лічыць, што да канца адчуць усе глыбіні можна ні як не "на адлегласцi", а адно толькі - "знутры". Думаецца, з гэтай прычыны многія з прафесіяналаў ад тэатра (у тым ліку і я асабіста не атрымалі якой-кольвек эстэтычнай асалоды ад убачанага. Але ж гэта i не ўваходзіла ў рэжысёрскія планы Карняга. Ён, дакладна ведаючы сваю мэтавую аўдыторыю, працуе тымі прыёмамі, якія аказваюцца найболей дзейснымі ў сітуацыі начнога клуба: агрэсіўнае музычна-гукавое ўздзеянне, правакатыўнасць у адно да наведвальнікаў, шакіраванне непрыхаванасцю акцёрскага існавання ў рамках сваіх сацыяльных "масак". Акурат з гэтага і нарадзілася самая "канфрантацыя" пакаленняў. Крытыкі згадвалі пра ўскладзеныя на хлопца надзеі і на розныя галасы клікалі Яўгена Карняга вярнуцца да "нармальнага" тэатра. Ён жа, не надта пераканаўча спрабуючы супакоiць прысутных, сцвярджаў аб сваім праве на творчы эксперымент у розных плоскасцях і накірунках, не абмяжоўваючыся адно толькі сцэнай-"скрынкай". Фестывальная моладзь заяўляла аб факце наяўнасці ў праграме форуму "сапраўднага" маладзёжнага спектакля як праявы і прадукту культуры ад новага пакалення творцаў. Моладзь і журы фестывалю сышліся ў думцы: "Cafe "Паглынанне" з'яўляецца творчым тэатральным эксперыментам, міма якога нельга прайсці таму, каго цікавіць і клапоціць будучае беларускага тэатра: моладзь адзначыла "эксперымент" і "смеласць" рэжысёра, старэйшыя - "свабоду" творчага эксперыменту.
Майструем... Пражко
Майстэрня маладой рэжысуры - адна з "фішак" форуму, пакліканая на практыцы стымуляваць творчыя амбіцыі пачынаючых рэжысёраў, даючы ім магчымасць цягам "М.@rt.кантакту" выйсці на прафесійную глядацкую аўдыторыю. Не сталася выключэннем яна і цяпер. Пры чым яе арганізатары ўлічылі ранейшыя заўвагі адносна "расплывістасці" праграмы ды крытэрыяў паказу і вырашылі сканцэнтраваць задачы. У якасці аб'екта для "лабараторных доследаў" рэжысёрам была прапанавана драматургія Паўла Пражко, чыё імя вядомае ўжо на працягу некалькіх гадоў, але на нашай прафесійнай сцэне яго п'есы, за адзіным выключэннем - спектаклем "Калі скончыцца вайна" ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, не ідуць. У той час як на расійскай прасторы Павел Пражко лічыцца адным з хэдлайнераў новай драмы. Калі гаворка заходзіць пра гэтую парадаксальную сітуацыю, сярод прычын згадваюцца нетыповасць яго персанажаў, мiж якiх часцяком трапляюцца героi асацыяльнага складу, неадпаведнасць тэкстаў беларускаму менталiтэту i зарыентаванасць на расiйскага «спажыўца». Уласна кажучы, галоўнай задачай лабараторыi i стала спроба пацвердзiць альбо абвергнуць на прыкладзе п' ес Паўла Пражко перакананне адносна «непрыстасаванасцi» новай беларускай драматургii да нашага сучаснага тэатра.
Выбар драматургічнага матэрыялу для працы быў аддадзены рэжысёрам. Гэта таксама сталася своеасаблівым момантам пошуку блізкіх тэм і інтанацый паміж імі і аўтарам. У выніку паўсталі чатыры міні-пастаноўкі - "Лёгкае дыханне" Дзяніса Фёдарава, "Вытворчасць трызнення" Антона Кудрэвіча, "Сэрца Аркадзіі" Таццяны Арцімовіч і "Ураджай" Паўла Харланчука, - кожная з якіх сталася важнай прыступачкай у лабараторным "пражкознаўстве". Найперш - выявіўшы слушнасць аўтарскага падзелу сваіх тэкстаў на два перыяды: да 2003 года і пасля. Высветлілася, што гэта зусім не какецтва драматурга, а рэальная ацэнка ўласнага літаратурнага плёну, у якім больш познія тэксты, у адрозненне ад ранейшых, маюць тэатральную структуру і дэманструюць нам, што аўтар, акрамя захаплення драмапісаннем, засвойвае і законы сцэнічнага відовішча. У параўнанні з ранняй "Вытворчасцю трызнення", апошні "Ураджай" прадэманстраваў яго відавочны драматургічны рост.
Другім, не менш важным, вынікам майстэрні сталіся самі рэжысёрскія работы, якія чарговы раз прадэманстравалі, што тэзіс аб адсутнасці ў нас маладых перспектыўных рэжысёраў даўно састарэў. Той жа Дзяніс Фёдараў, які сёлета пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў паехаў па размеркаванні працаваць у Слонімскі драматычны тэатр і ў якасці рэжысёра паставіў ужо два спектаклі, выявіў уменне дакладна выбудоўваць узаемаадносіны персанажаў, выцягваючы на паверхню шматлікія аўтарскія падтэксты і разважанні. Таццяна Арцімовіч "падкупіла" тым, з якой фантазіяй яна арганізавала маналагічны літаратурны матэрыял, зафіксаваўшы і праявіўшы яго дакладна знойдзеным фізічным дзеяннем і выяўленчай метафарычнасцю. А Павел Харланчук, які звяртаўся да «Ураджаю» другi раз, пайшоў шляхам жанравай гульні і адкрыў нам, што рознымi рэжысёрскімі "ключыкамi” можна вылучыць цалкам розныя сэнсы ў адным і тым жа драматургiчным тэксце.
I яшчэ адзiн вынік працы майстэрнi маладой рэжысуры, пра якi нельга не згадаць. Паводле вынiкаў прагляду мастацкі кiраўнiк Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валерый Анісенка эмацыянальна зазначыў: "Хачу, каб Ураджай" у рэжысуры Паўла Харланчука з'явіўся ў нашым тэатры ў фармаце паўнавартаснага спектакля".
Фотаздымкi Яўгенii Алефiрэнкі
Опубликовано в газете "Культура" № 14 (934) / 3-9.04.2010 г.
Вольтава дуга сцэнiчных Мартакантактаў (Татьяна Комонова, Культура, апрель 2010)

